ІВА́Н РАГВАЛО́ДАВІЧ (Барысавіч),

безудзельны (?) князь з полацкага роду Ізяславічаў у 12 ст., сын полацкага кн. Рагвалода Усяславіча. Упамінаецца ў летапісах пад 1129. Адзін з 6 полацкіх князёў, якіх кіеўскі кн. Мсціслаў Уладзіміравіч за адмову ад сумеснага паходу супраць полаўцаў адправіў у ссылку ў Канстанцінопаль. Паводле В.М.Тацішчава, на службе ў візантыйскага імператара Іаана полацкія князі атрымлівалі плату і мужна ваявалі з арабамі. У 1140 І.Р., верагодна, вярнуўся на радзіму разам з братам Рагвалодам (Васілём).

А.В.Іоў.

т. 7, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)